«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,

часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзін раз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.​Арахоўскага, Г.​Аўласенкі, Р.​Баравіковай, У.​Бутрамеева, В.​Жуковіча, Х.​Жычкі, С.​Кавалёва, Г.​Марчука, Я.​Міклашэўскага, Т.​Мушынскай, Л.​Рублеўскай, І.​Сідарука, А.​Федарэнкі, І.​Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.​Аляхновіча, Н.​Арсенневай, К.​Буйло, М.​Радзівіла, Л.​Родзевіча, М.​Чарота, В.​Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.​Баршчэўскага, А.​Пушкіна, А.​К.​Талстога, Л.​Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 16, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)